тып вінтоўкі з аптычным прыцэлам для ўзбраення снайпераў. Выкарыстоўваецца для вядзення трапнай стральбы па адзіночных цэлях. Аптычны прыцэл паляпшае дакладнасць прыцэльвання, спрыяе назіранню ва ўмовах дрэннай бачнасці. Для стральбы ноччу выкарыстоўваюць прыцэлы начнога бачання або асвятленне сеткі аптычнага прыцэла.
Адрозніваюць С.в. неаўтаматычныя (магазінныя) і аўтаматычныя (самазарадныя). Найб. пашырана самазарадная С.в., напр., 7,62-міліметровая з аптычным прыцэлам 4-кратнага павелічэння канструкцыі Драгунова (Расія), прыцэльная далёкасць стральбы — да 1300 м, са звычайным адкрытым прыцэлам — 1200 м; найб. дзейсны агонь — да 800 м. Для С.в. выкарыстоўваюцца штатныя вінтовачныя патроны, а таксама снайперскія патроны, якія маюць больш стабільныя балістычныя характарыстыкі і забяспечваюць лепшую трапнасць стральбы. У камплект многіх С.в. уваходзіць штык-нож. Найб. выкарыстоўваюцца самазарадныя С.в.: 7,5-міліметровая FR—FI (Францыя), 7,62-міліметровая XM21 (ЗША), 7,62-міліметровая SSG-69 (Аўстрыя) і інш.